З таго сьвету вяртаюцца
Сёньня, 13 кастрычніка, першыя з 33 чылійскіх гарнякоў вярнуліся з таго сьвету на гэты. Больш як два месяцы таму аварыя заваліла іх глыбока пад зямлёй. Сёньня аднаго за адным іх пачалі выцягваць наверх у спэцыяльна вырабленай капсуле. Для такога выратавальнага ліфта прабурылі сьвідравіну праз горныя пароды– удалася толькі трэцяя спроба. Амаль дзьве тысячы журналістаў набліжаюць сьвету той настрой: нэрвовае, але стрыманае чаканьне наверсе, відэаздымкі узбадзёраных паўголых гарнякоў пад зямлёй. Але на сьвет божы выратаваныя выходзяць з той капсулы ў сонечных акулярах, у чыстым адзеньні і сьвежа паголеныя. Пасьля першых абдымкаў з жонкамі, з дзецьмі, з калегамі, з прэзыдэнтам – на насілкі і ў бальніцу, пад догляд урачоў. Што ж, быў час – амаль два месяцы, каб падрыхтавацца і на такія дэталі. І акуляры паслаць, і брытвы, і сваякоў забясьпечыць чылійскімі сьцяжкамі…
Гарнякі яшчэ пад зямлёй сталі для Чылі нацыянальнымі героямі – горназдабыча тут даўно адна з традыцыйных галінаў эканомікі. І ў Чылі не паменела гонару, калі ў справе выратаваньня краіна зьвярталася па міжнародную дапамогу. Так, паведамляецца, што касьмічныя спэцыялісты НАСА дапамагалі спраектаваць і абсталяваць капсулу. Чырвоны крыж падтрымліваў сваякоў, якія тыднямі чакалі на выратаваньне ў палаткавым лягеры паблізу шахты…
Пытаньні, якія задаюць цяпер шматлікія міжнародныя камэнтатары самыя розныя – як зьменіцца жыцьцё выратаваных, ці вернуцца ўсе зь іх у шахту, ці сталі б інвэставаць у такую акцыю, калі б пад зямлёй былі не 33, а 3 чалавекі… Адзін з выратаваных, малады балівіец, прынамсі ўжо даў ясны адказ – у шахту ён ніколі не вернецца, тым больш што балівійскі прэзыдэнт на радасьцях выдзеліў яму кавалак зямлі на радзіме – прыяжджай, абжывайся, гаспадар.
Драма гарнякоў у гэтыя гадзіны яшчэ ня мае поўнага шчасьлівага канца – у любую хвіліну можа здарыцца што заўгодна… З зайздрасьцю , аднак, хочацца даглядзець гэты доўгі чылійскі сэрыял, дзе перамагаюць гуманізм і салідарнасьць. І пашкадаваць, што вось такі вопыт – сумеснага яднаньня ў заслужаным, разам адваяваным шчасьці, на жаль, невядомы жыхарам постсавецкай прасторы. Мы прывыклі да чарады няшчасьцяў. Мы ўмеем прыгожа хаваць, ставіць помнікі. А маглі б вось так, аднаго за адным, выцягваць тых герояў «Курска», і якая розьніца, ці былі б там у гэтага шчасьця за сьпінай НАСА ці НАТО… А тым беларускім маракам, што былі сярод ахвяраў, знайшлося б і ў нас па кавалку зямлі. І не на магілы.